ГО́МЕЛЬСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. Размяшчаўся на высокім правым беразе р. Сож пры ўпадзенні ў яе ручая Гомій (Гамяюк). Замак меў магутны абарончы вал, драўляныя шмат’ярусныя вежы, сцены-гародні з баявой галерэяй. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст. зведаў неаднаразовыя аблогі (1535, 1575, 1581, 1633, 1648, 1649). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у жн. 1654 быў узяты рус. войскам. Паводле звестак за 1666, ён яшчэ захоўваў сваю магутнасць. У 1737 кн. М.Чартарыйскі пабудаваў новы моцны дубовы замак з вежамі і сценамі, які існаваў яшчэ ў апошняй чвэрці 18 ст. Пасля далучэння Гомеля да Рас. імперыі вежы і сцены замка разабраны, валы скапаны. У 1785 паводле плана Б.Растрэлі тут пачалося буд-ва існуючага і цяпер мураванага Гомельскага палаца.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)